У Гомелі ініцыявалі праект "Адродзім ручнік разам"

© Sputnik / Дмитрий БосакКросны
Кросны - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Падчас прэзентацыі праекту "Адродзім ручнік разам" гледачам прадставяць тры адноўленых ткацкіх станка, майстар-клас па асновах ткацтва.

МІНСК, 5 вер — Sputnik. Асновам ткацтва навучаць у Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы 8 верасня падчас прэзентацыі праекта "Адродзім ручнік разам", паведамілі Sputnik у прэс-службе Гомельскага аблвыканкама.

Неглюбскія ручнікі, архіўнае фота - Sputnik Беларусь
На выставе ў Гомелі навучаць разумець мову неглюбскіх ручнікоў

Паводле словаў арганізатараў, аўтарам праекта з'яўляецца дырэктар Гусевіцкага сельскага дома культуры Буда-Кашалёўскага раёна Віталь Карпінскі, які на працягу некалькіх гадоў займаецца адраджэннем традыцыйнага народнага ткацтва. Праект "Адродзім ручнік разам" раскрывае асаблівасці традыцыйнага рамяства.

"У цяперашні час мясцовая ініцыятыва з аналагічнай назвай увасабляецца ў Буда-Кашалёўскім раёне па праекце "Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь", які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН", — пракаментавалі ў аблвыканкаме.

Падчас прэзентацыі свайго праекту Віталь Карпінскі прадставіць гледачам тры адноўленых ім ткацкіх станка, правядзе майстар-клас па асновах ткацтва, раскажа пра тэхнікі, тэхналогіі, традыцыі, уласцівыя рэгіёну ўзоры. Тут жа можна будзе ўбачыць драўляныя цацкі-свістулькі, вырабленыя майстрам па старадаўніх тэхналогіях, а таксама яго карціны, выкананыя ў тэхніцы піраграфіі (выпальвання па дрэве).

У завяршэнне мерапрыемства будзе закладзена аснова ручніка, ткаць які гамяльчане будуць да 15 верасня.

"Вынік калектыўнай творчасці прадставяць падчас "Бібліяночы". Такім чынам, дакрануцца да самабытнай, багатай беларускай народнай культуры, унесці часцінку сваёй працы ў агульны ручнік змогуць усе жадаючыя", — дадалі ў прэс-службе.

Па словах арганізатараў, мерапрыемства накіравана на прапаганду беларускай культуры, народнай творчасці, захаванне і памнажэнне традыцыйных рамёстваў.

Стужка навiн
0