МІНСК, 7 вер — Sputnik. Чацвёрты год запар у Беларусі праходзіць Месяц фатаграфіі ў Мінску — міжнародны фестываль, закліканы пашыраць разуменне фатаграфічнага медыума, спрыяць развіццю культурнага поля і ўмацаванню статусу беларускай фатаграфіі ў рэгіёне і свеце.
"За час працы фестывалю на яго мерапрыемствах былі задзейнічаны фатографы, арт-крытыкі і куратары з 11 краін. На 12 пляцоўках Мінска і Гродна праходзілі культурныя і адукацыйныя сустрэчы з удзелам гасцей з Аўстраліі, Беларусі, Вялікабрытаніі, Германіі, Латвіі, Літвы, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Украіны і Францыі", — распавялі арганізатары.
За папярэднія тры гады на пляцоўках фестывалю пабывала каля 500 000 гледачоў.
Месяц фатаграфіі адкрыецца лекцыяй Клемана Брыена "Краўдфандынг. Як падрыхтаваць і паспяхова завяршыць краўдфандынгавы праект" у галерэі "Сталовая XYZ". 6 верасня тут жа адкрылася выстава "Месяца фатаграфіі ў Мінску — 2017" і шэраг іншых праектаў.
На фасадзе "Сталовай XYZ" падчас афіцыйнага адкрыцця фестывалю "Месяц фатаграфіі ў Мінску" можна будзе паглядзець праекцыі Клемана Брыена. Іх можна будзе ўбачыць пасля і на фасадзе ратушы на пл. Свабоды падчас святкавання Дня горада Мінска.
З 7 верасня па 5 кастрычніка можна будзе паглядзець на сучасныя фотаінтэрвенцыі ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. Свой праект прадставіць і Беларускае грамадскае аб'яднанне фатографаў.
Фатографы і проста аматары гэтага мастацтва змогуць пабываць на майстар-класе Гжэгажа Дамброўскага "Што хаваюць хатнія архівы". Для прафесіяналаў пройдзе практычны майстар-клас з фотамастакамі Вікторыяй Біншток і Міхаэлем Шэфэрам. Будзе месца і для гендэрнай тэматыкі, у галерэі "ЦЭХ" пройдзе выстава "Жаночы эмансіпацыйны праект: паміж утопіяй і рэальнасцю (да 100-годдзя рэвалюцыі 1917 года)".
Сумесны праект "Polis (h) Photo Lab" пакажуць беларуска-польскія мастакі. А фатаграфіі Льва Дашкевіча збяруць у праект да 135-годдзя з дня нараджэння фотамастака Льва Дашкевіча і паэта Янкі Купалы "Беларусі прысвячаецца…" і выставяць ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь. Поўную праграму фэсту можна вывучыць на сайце Месяца фатаграфіі ў Мінску.