МІНСК, 13 вер — Sputnik. Кампанію па вакцынацыі насельніцтва ад грыпу ўжо пачалі ўстановы аховы здароўя Беларусі.
Міністэрства аховы здароўя рэспублікі плануе прышчапіць у гэтым сезоне каля 40% жыхароў краіны, то бок больш за 3,8 мільёна чалавек. Кампанія па вакцынацыі ўжо распачата ў розных гарадах Беларусі, у тым ліку і ў Мінску.
Як нагадалі ў сталічным камітэце па ахове здароўя, вакцынацыя праводзіцца як бясплатна, так і платна. Бясплатна прышчапляюць тых, хто знаходзіцца ў групе рызыкі па інфікаванню вірусам грыпу, а таксама людзей, у каго пасля перанесенага грыпу магчымыя сур'ёзныя ўскладненні.
Сярод людзей, якія маюць права на бясплатную прышчэпку ад грыпу — грамадзяне з хранічнымі захворваннямі, асобы старэйшыя за 65 гадоў, цяжарныя, а таксама школьнікі і дашкольнікі.
Кошт платнай прышчэпкі ад грыпу складае ад дзевяці з паловай рублёў, у залежнасці ад вытворцы.
У большасці прышчэпленых імунітэт да грыпу выпрацоўваецца праз 10-15 дзён з моманту прышчэпкі, а дзейнічае вакцына ад паўгода да года. Пры правядзенні вакцынацыі некалькі гадоў запар, яе эфектыўнасць узрастае.