МІНСК, 18 вер — Sputnik. Ірландскі лоукост-перавозчык RyanAir адмяняе частку сваіх рэйсаў у перыяд з сярэдзіны верасня па канец кастрычніка, закране гэта і беларускіх турыстаў.
RyanAir — адзін з найбуйнейшых еўрапейскіх лоукост-аператараў. Рэйсы авіякампаніі вылятаюць у тым ліку з Вільнюса і Каунаса, таму многія беларускія турысты аддаюць перавагу менавіта яму — у мэтах эканоміі, бо квіток па Еўропе ў RyanAir можна набыць ад дзесяці еўра.
Напрыканцы мінулага тыдня авіякампанія абвясціла аб адмене пяцідзесяці рэйсаў штодня на працягу шасці тыдняў. Такім чынам, каля 2% усіх палётаў будуць адмяняцца, а пасажыры будуць пра гэта даведвацца ў лепшым выпадку за некалькі дзён.
Адмяняюць рэйсы ў RyanAir з-за таго, што "заблыталіся" з графікам адпачынкаў сваіх пілотаў і цяпер пачалі адпраўляць супрацоўнікаў на заслужаны адпачынак.
У пасажыраў, чые рэйсы былі адмененыя, ёсць дзве магчымасці: напісаць заяву на вяртанне грошай, якая будзе разгледжана на працягу сямі рабочых дзён, або бясплатна паляцець на самалёце RyanAir у наступны раз. Іншых кампенсацый, у тым ліку ў выпадку нестыковак з іншымі рэйсамі, авіякампаніяй не прадугледжана.
Ужо праз некалькі дзён пасля аб'явы аб масавых адменах рэйсаў рэйтынг старонкі RyanAir у сацыяльнай сетцы Facebook складае толькі 1,6 бала — пасажыры адмененых рэйсаў пішуць дзесяткі негатыўных водгукаў кожную гадзіну і заяўляюць, што праз такі "спосаб вядзення бізнесу" яны адмовяцца ў будучыні ад паслуг кампаніі. Падобных паведамленняў ад беларускіх турыстаў пакуль няма.
У самой жа RyanAir сітуацыю лічаць нармальнай і заклікаюць пасажыраў паставіцца да яе з паразуменнем. Пры гэтым, некалькі тыдняў таму ірландскі лоукост крытыкаваў за спосабы вядзення бізнесу нямецкіх авіяаператараў, а Германію называў "бананавай краінай".