МІНСК, 18 вер — Sputnik. Беларускія ратавальнікі ў чарговы раз прыйшлі на дапамогу нарвежскім яхтсменам, якія спрабуюць дабрацца да Турцыі, паведамілі Sputnik у МНС Беларусі. Інцыдэнт адбыўся непадалёк ад вёскі Вялье (Брагінскі раён Гомельскай вобласці) днём 17 верасня.
"На гэты раз праблемы ў транспартнага судна адбыліся з рулявым кіраваннем. Дапамогу ў нядзелю аказалі вадалазы МНС з Гомельскага пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада", — распавялі ў МНС.
Работы па ўстаноўцы і рамонце абсталявання былі скончаны позна вечарам, у 22:45.
Нагадаем, трое нарвежскіх падарожнікаў, сярод якіх журналісты першага нарвежскага нацыянальнага тэлеканала "Осла", на шасцітоннай яхце Sirius адправіліся на пошукі прыгод 17 жніўня з Хельсінкі. Яхтсмены прарабілі шлях праз Санкт-Пецярбург, Ноўгарад, Смаленск і на пачатку верасня прыбылі ў Беларусь, іх канчатковая кропка маршруту — Турцыя.
На тэрыторыі Беларусі нарвежцы ўжо ў трэці раз былі вымушаныя рабіць незапланаваныя прыпынкі: 5 верасня на рацэ Днепр Sirius сеў на мель, і толькі амаль праз суткі турысты працягнулі сваё падарожжа, а на мінулым тыдні ў судна зламаўся рухавік, якому ўжо 60 гадоў.