МІНСК, 21 вер — Sputnik. З 2 па 8 красавіка 2018 года ў сталіцы Эстоніі адбудзецца дзясяты па ліку фестываль Tallinn Music Week. Арганізатары мерапрыемства абвясцілі пра прыём заявак ад беларускіх музыкаў.
Для Беларусі гэта будзе пяты па ліку Tallinn Music Week. Тут добра памятаюць поспехі беларускіх гуртоў Super Besse і "Петля пристрастия", праектаў Mustelide і Awlnight — усе гэтыя артысты атрымалі па выніку фестывалю новыя кантакты і прапановы. Партнёрам мерапрыемства ў Беларусі з'яўляецца праект Experty.by.
"Дзясяты па ліку Tallinn Music Week будзе асаблівым у тым ліку на музычным узроўні. Наша мэта — будаваць масты паміж творчымі людзьмі з розных краін і кантынентаў. Нас вельмі цешыць, што Беларусь ужо пяты год з'яўляецца актыўным удзельнікам гэтага працэсу", — адзанчае дырэктар фестывалю Хэлен Сілдна.
У 2017 годзе ў фестывалі ўзялі ўдзел 250 артыстаў з 32 краін свету, канцэрты наведалі больш за 36 тысяч гледачоў, канферэнцыю — 900 міжнародных дэлегатаў з краін Еўропы і іншых куткоў свету. Мерапрыемства адбывалася на 80 пляцоўках, яго асвятлялі 130 міжнародных журналістаў.
Заяўкі на ўдзел у музычнай праграме фестывалю прымаюцца да 1 лістапада праз сайт www.tmw.ee. Абраным артыстам арганізатары забяспечваюць абсталяванне для выступу і жытло з харчаваннем у дзень канцэрта.
Падрабязнее пра кошты квіткоў на фестываль на сайце experty.by.