МІНСК, 26 вер — Sputnik. Скульптурную кампазіцыю ў памяць ахвяр Навагрудскага гета адкрыюць ля Музея супраціву ў Наваградку ў аўторак, распавяла Sputnik краязнаўца Тамара Вяршыцкая.
74 гады таму ў гэты дзень 250 пакінутых у жывых вязняў спусціліся ў загадзя выкапаны тунэль і пайшлі ў лес. Сярод уцекачоў былі прадзед і бабуля цяперашняга саветніка і зяця прэзыдэнта ЗША Джарэда Кушнера.
Прататыпам дзяўчынкі, якая з'яўляецца часткай скульптурнай кампазіцыі, была Міхле Сасноўская, адна з малалетніх вязняў гета. Яна здолела ўцячы яшчэ да масавых уцёкаў, але была злоўленая і забіта немцамі. З яе старой фатаграфіі і стваралі вобраз.
"На цырымонію адкрыцця прыедуць дыпламаты з амерыканскага і ізраільскага пасольства, даследчыкі Халакоста з Брытаніі, Аўстраліі і Канады. Акрамя таго, з Мінска чакаем каля 20 чалавек, таксама былых вязняў — гета і канцлагераў", — распавяла Sputnik Вяршыцкая.
Прафінансаваў стварэнне памятнай кампазіцыі мясцовы прадпрымальнік Сяргей Коваль.
У перспектыве ў Музея супраціву павінна з'явіцца яшчэ адна мемарыяльная кампазіцыя ў памяць аб яўрэях, якія ўцяклі 26 сакавіка 1943 з Навагрудскага гета. Праца над гэтай кампазіцыяй пад папярэдняй назвай "Сцяна" працягваецца. Ініцыятарамі і спонсарамі праекта стала сям'я Кушнер. Раней Тамара Вяршыцкая распавядала Sputnik, што як мінімум сваяк Трампа — мільярдэр Чарльз Кушнер, чый дзед, маці і цётка сыходзілі праз тунэль да партызанаў, плануе прыехаць на адкрыццё "Сцяны".