МІНСК, 27 вер — Sputnik. З 7 кастрычніка па 3 снежня ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адбудзецца міжнародны мастацкі праект-дыялог, які ўключае ў сябе выставу "Эрнст Барлах — Кетэ Кольвіц. Пераадольваючы існаванне" і камунікатыўную праграму face art — face future, паведамілі Sputnik арганізатары.
Упершыню ў Беларусі будуць дэманстравацца творы двух вялікіх нямецкіх мастакоў першай паловы ХХ стагоддзя — Эрнста Барлаха (1870-1938) і Кетэ Кольвіц (1867-1945). Выстава прадставіць больш за 200 твораў скульптуры і графікі (малюнкі, гравюры) з калекцыі Інстытута міжнародных адносін Штутгарта (ifa), музеяў Эрнста Барлаха ў Ратцэбургу і Ведэлі, а таксама з прыватных збораў Германіі. Экспанаты выставы дазволяць пазнаёміцца з асноўнымі этапамі творчага шляху мастакоў у перыяд з 1890 па 1945 год.
"Абодва мастакі бачылі сваю асноўную задачу ў тым, каб змяніць свет пры дапамозе ўласных глыбока гуманістычных работ, перасцерагчы чалавецтва ад вайны і заразіць яго ідэяй міру. Такая творчая пазіцыя мастакоў захоўвае актуальнасць іх твораў і па сённяшні дзень", — дадалі ў музеі.
Выстава "Барлах — Кольвіц" павінна стаць не толькі экспазіцыяй твораў мастацтва, але і платформай для актуальнага дыялогу аб мінулым і сучаснасці Еўропы. Правядзенне такога дыялогу з'яўляецца асноўнай мэтай арт-праекта для моладзі, які суправаджае выставу: face art — face future.
"Пачынаючы з 7 кастрычніка 20-24 чалавекі пройдуць курс інтэнсіўнага навучання па двух напрамках: арт-медыяцыя і стварэнне ўласных відэапраектаў у сааўтарстве з сучаснымі мультымедыйнымі мастакамі, і стануць пасланцамі выставы", — рэзюмавалі арганізатары.