Сёлета, у год 500-годдзя выхаду першай друкаванай беларускай кнігі — "Псалтыра" Францыска Скарыны, конкурс быў прысвечаны мастацкаму перакладу.
На гэты раз у склад аўтарытэтнага журы конкурсу ўвайшлі: Ірына Багдановіч, Лявон Баршчэўскі, Зміцер Колас, Уладзімір Папковіч, Алена Пятровіч, Андрэй Хадановіч і Ганна Янкута.
На конкурс свае пераклады прыслалі больш за 30 аўтараў, а арганізатары дадалі, што ў гэтым годзе былі пераклады нават з даволі далёкіх для беларусаў моваў, такіх як японская і кітайская.
Першае месца сёлета атрымала Іаанна Владыка за пераклад "Найлепшага месца на Зямлі" Тэрэсы Тышыньскай.
Пераможца распавяла, што вельмі асабістая для яе праца, бо ўспаміны дачкі польскага ўладальніка сядзібы звязаны з вёскай Мясата, што пад Маладзечна. Іаанна Владыка праводзіла там летнія вакацыі і калі даведалася, што ёсць такія мемуары, не магла не ўзяцца за іх пераклад.
Другое месца заняў Алесь Емяльянаў-Шыловіч за падборку перакладаў з англійскай і польскай моваў. Ганна Янкута, віншуючы лаўрэата, прызналася, што асабіста галасавала за перамогу Алеся, і ёй вельмі прыемна ўласнаручна яго віншаваць з перамогай.
Трэцяе месца атрымаў Сяргей Матырка за пераклад "Вялікага Гэтсбі" Ф. Скота Фіцджэральда. Пры гэтым ён падзякаваў сваёй маці, якая прывіла яму любоў да друкаванага беларускага слова.
Сяргей Матырка распавёў, што робіць пераклады для маці, каб яна магла прачытаць любімыя кнігі на беларускай мове.
Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры сабраў у сваіх сценах не толькі пераможцаў конкурсу, але і аматараў літаратуры, членаў журы і музыкаў.
Спецыяльна для ўсіх прысутных Андрусь Такінданг і гурт "Рэха" выканалі некалькі сваіх песняў.