МІНСК, 3 кас — Sputnik. Хакеісты сталічнага клуба "Дынама" абыгралі маскоўскіх аднаклубнікаў у матчы, які прайшоў у панядзелак на "Мінск-Арэне".
Сустрэча двух "Дынама" ў рамках Кантынентальнай хакейнай лігі завяршылася з лікам 5:1 на карысць беларусаў.
Першую шайбу на восьмай хвіліне ў вароты мінчан забіў Уладзімір Бруквін, аднак пасля "зубры" спачатку зраўнялі лік, а затым грунтоўна ўмацавалі свае пазіцыі. Аўтарамі дзейсных кідкоў у вароты масквічоў адзначыліся Куінтан Хаўдэн, які здзейсніў хет-трык (12, 28 і 56), Аляксандр Кулакоў (17) і Андрэй Сцяпанаў (59).
У наступным матчы КХЛ мінчане сустрэнуцца дома з казахстанскім "Барысам", у гэты ж дзень маскоўскія "дынамаўцы" згуляюць з "Лакаматывам" з Яраслаўля. Матч у адказ дзвюх каманд-аднаклубнікаў адбудзецца 6 кастрычніка ў Маскве.