МІНСК, 4 кас — Sputnik. Прызначаны ў апошні тыдзень верасня рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэй Кароль плануе аптымізаваць структуру ВНУ.
Кароль стаў новым рэктарам БДУ 28 верасня бягучага года — на пасадзе кіраўніка галоўнага ВНУ краіны ён змяніў акадэміка Сяргея Абламейку. Ужо праз тыдзень новы рэктар распавёў аб сваіх мэтах і задачах на высокай пасадзе.
"Перада мной як новым рэктарам стаіць у ліку іншых задача па павышэнню зарплаты прафесарска-выкладчыцкага складу. Адзін з механізмаў для гэтага — аптымізацыя структуры ўніверсітэта. Прычым людзі пры яе правядзенні пацярпець ніякім чынам не павінны", — заявіў Кароль у інтэрв'ю БелТА.
Як адзначыў рэктар, эфектыўнасць аптымізацыі будзе ацэньвацца з улікам меркавання супрацоўнікаў універсітэта.
"Заробкі будуць павышацца і за кошт больш інтэнсіўнай працы з заказчыкамі кадраў па прыцягненню пазабюджэтных даходаў. Растлумачу, аб чым ідзе гаворка. Калі ў нас магістарскія, дыпломныя работы будуць выконвацца перш за ўсё пад запыты заказчыка, то ВНУ зможа атрымаць фінансаванне і з яго боку", — дадаў Кароль.
Рэктар ужо сустрэўся з прафесарамі, кіраўнікамі кафедраў і дэканамі падраздзяленняў БДУ, а ў бліжэйшы час абяцае асабіста наведаць кожны факультэт і інстытут. Пагутарыў Кароль ужо і са старастамі першых курсаў усіх падраздзяленняў ВНУ.