МІНСК, 5 кас — Sputnik. 15-17 лістапада ў Будапешце адбудзецца другі міжнародны фестываль Budapest Showcase Hub (BUSH) — галоўны шоукейс-фестываль Венгрыі і адзін з асноўных у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Беларусь на мерапрыемстве будзе прадстаўлена ўпершыню.
Адбор на фестываль адбываецца не зусім звыклым чынам. У першым туры арганізатары папрасілі каля 20 беларускіх журналістаў і прамоўтэраў назваць па 5 найбольш "экспартных" на іх думку беларускіх артыстаў. У другім туры атрыманы топ-5 быў пастаўлены на галасаванне журналістаў і прамоўтэраў з іншых краін, якія зрабілі фінальны выбар на карысць індзі-рокераў Super Besse ды індзі-поп праекта Mustelide.
"За апошнія некалькі год высілкамі праекта Experty.by сучасная беларуская музыка атрымала заўважную прысутнасць на міжнародных фестывалях і канферэнцыях. Мы ўпэўнены ў патэнцыяле беларускіх артыстаў і будзем рады прадставіць іх адмыслоўцам з розных краін і венгерскай публіцы", — кажа Рэната Хорват, адзін з арганізатараў Budapest Showcase Hub.
Абодва беларускіх артысты выступяць на фестывалі ў чацвер 16 лістапада. Падрабязна пра ўсе варыянты ўдзелу на сайце Experty.by.