МІНСК, 7 кас — Sputnik. Мінскае аддзяленне грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" плануе стварыць цэнтр па ратаванні кажаноў "Кажанаполіс".
Шмат кажанаў застаюцца на зімоўку ў гарадах у зацішных мясцінах і ўпадаюць у спячку, але праз перапады тэмпературы ці чалавечую мітусню часцяком прасыпаюцца, а прачнуўшыся, не могуць знайсці насякомых для сілкавання і паміраюць.
"Мы мусім набыць халадзільнік, у якім кажаны, што знянацку прачнуліся, змогуць прадоўжыць свой зімовы сон у бяспечных умовах. Перад тым, як уводзіць іх у спячку, кажаноў будуць абследаваць. Калі вага кажана ніжэй за норму, то спачатку рукакрылых будуць адкормліваць", — распавялі ў АПБ.
У арганізацыі таксама адзначылі, што для зімоўкі кажаноў за мяжой выкарыстоўваюць спецыяльныя камеры або нават звычайныя халадзільнікі. "Мы не адкрываем Амерыку, а проста пераймаем вопыт замежных калег. Падобныя цэнтры існуюць ва ўсіх краінах блізкага замежжа".
На сённяшні дзень 32 еўрапейскія краіны падпісалі міжнароднае пагадненне EUROBATS, згодна з якім усе еўрапейскія віды кажаноў знаходзяцца пад аховай. Беларусь, на жаль, яшчэ не падпісала дамову, але з 19 заселеных у нас відаў кажаноў — 8 у Чырвонай кнізе.
"Рукакрылыя павольна размнажаюцца (самкі нараджаюць толькі 1-2 дзіцянятаў у год). А гэта значыць, што на аднаўленне папуляцый многіх відаў патрабуюцца дзесяцігоддзі. Захоўваючы лятучых мышэй, мы захоўваем біяразнастайнасць ў цэлым", — адзначылі ў АПБ.
Кажаны будуць уводзіцца ў спячку, пасля чаго вясной (пасля таго, як прачнуцца) выпускацца назад у дзікую прыроду. "Мы не збіраемся ладзіць вопыты або разводзіць звяркоў, наша мэта — выратаваць іх ад гібелі. Дарэчы, на ўрачысты працэс выпускання кажаноў мы запросім усіх жадаючых. Магчыма нават, у вас будзе магчымасць уласнаручна выпусціць звярка на волю".