Арт-праект "Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам" ужо ў трэці раз прадстаўляе жыхарам і гасцям сталіцы аб'ёмную панараму творчасці маладых беларускіх мастакоў. Маштабная экспазіцыя будзе працаваць у Палацы мастацтваў да 6 лістапада. Мастацтвазнаўца Аляксандр Зіменка распавёў радыё Sputnik Беларусь пра асаблівасці і разыначкі праекта ў гэтым годзе.
"У нас упершыню бяруць удзел 14 галерэй не толькі з Мінска, але і з абласцей. У нас будуць госці з Францыі, 8 мастакоў — удзельнікаў знакамітага "Восеньскага салона" ў Парыжы. Усяго прадстаўлены каля 200 мастакоў амаль з шасцю сотнямі твораў, якія сумарна каштуюць каля мільёна долараў", — распавёў Зіменка.
Суразмоўца Sputnik папярэдзіў наведвальнікаў і патэнцыяльных пакупнікоў аб тым, што ў экспазіцыі прадстаўлены работы на любы густ і кашалёк. Кошт твораў вар'іруецца ад 45 долараў да 31 тысячы долараў у эквіваленце.
На "Восеньскім салоне" можна ўбачыць жывапісныя і графічныя работы, фатаграфіі, арт-аб'екты і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.
Поўную версію размовы з мастацтвазнаўцам Аляксандрам Зіменка слухайце на радыё Sputnik Беларусь.