Пра намер зняць першы беларускі фільм жахаў вядомы сцэнарыст Андрэй Курэйчык, а таксама іншыя прадстаўнікі кампаніі "Наша кіно" заявілі ў сакавіку, а ўжо ў кастрычніку першы тызер карціны "Вупыры" апублікаваны на YouTube.
У трэйлеры — усё, што тыпова для фільмаў жанру жахаў: маладая дзяўчына ў кароткіх шортах, лес, кроў і нечаканыя забойствы. Стваральнікі карціны задумалі "Вупыроў" як слэшэр — з упорам на маладзевую аўдыторыю.
Пра ідэю фільма прадстаўнікі кампаніі "Наша кіно" ўжо распавядалі ў прэс-цэнтры Sputnik. Тады Курэйчык сцісла распавёў пра тое, што можна будзе чакаць у "Вупырах".
"Будуць у фільме і замежнікі, якія трапляюць у Беларусь. Ёсць там і беларуская аўтэнтыка. Усё адбываецца ў купальскую ноч, выкарыстоўваюцца некаторыя беларускія архетыпы і стэрэатыпы", — дадаў Курэйчык.
Зараз, як распавялі стваральнікі фільма, ідзе мантаж матэрыялу, праца над гукам і камп'ютэрнай графікай. Чакаецца, што ў шырокі пракат фільм "Вупыры" выйдзе ўжо вясной 2018 года.
Рэжысёрамі карціны выступілі Максім Сіры і Андрэй Грынько.