МІНСК, 9 кас — Sputnik. Ацяпленне ў жылым фондзе Мінска пачалі ўключаць ўжо з панядзелка, аднак цяпло будзе прыходзіць у кватэры да мінчан паступова — даведацца пра дату для кожнага канкрэтнага дома можна анлайн, паведамляе Sputnik.
Спажыўцам "першай катэгорыі" ацяпленне ўжо ўключылі на мінулым тыдні: цяпер цяпло атрымліваюць дзіцячыя сады, школы, бальніцы, паліклінікі і іншыя сацыяльныя аб'екты. З панядзелка ў Мінску пачалі ўключаць ацяпленне і для жылога фонду.
Пачаць ацяпляльны сезон для ўсіх дамоў адначасова немагчыма, таму цяпло можа прыйсці ў дамы да мінчан ў розныя дні. Некаторым ўключаць ацяпленне ўжо 9 кастрычніка, іншым прыйдзецца яго чакаць да канца працоўнага тыдня.
Даведацца пра дату ўключэння ацяплення для кожнага канкрэтнага дома ў Мінску можна і анлайн — пры дапамозе сэрвісаў кантакт-цэнтра ЖКГ сталіцы 115. Сёння працуюць чат-боты ў двух месенджарах — Telegram і Viber.
Для атрымання інфармацыі ботам у месенджарах трэба адправіць назву сваёй вуліцы і нумар дома. Пісаць словы "вуліца", "праспект" ці "завулак" не патрабуецца, як і ставіць коскі. У адказ бот прышле дату старту ацяплення ў вашым доме.
За пазнейшае ўключэнне ацяплення мінчане ўжо раскрытыкавалі гарадскія ўлады. Па законе для пачатку ацяпляльнага сезона тэмпература паветра павінна быць пяць дзён не вышэй за восем градусаў, аднак гэтую норму многія лічаць няправільнай і спасылаюцца на холад у хатах.