МІНСК, 9 кас — Sputnik. Прэмію па эканоміцы імя Альфрэда Нобеля прысудзілі амерыканскаму даследніку-біхевіярысту Рычарду Талеру, адпаведнае рашэнне было абвешчана ў панядзелак у Стакгольме.
Прэмію па эканоміцы імя Нобеля прысуджае Шведскі банк, аднак сёння ўзнагароду залічваюць да адной з Нобелеўскіх прэмій. Па традыцыі, абвяшчаюць лаўрэата ў гэтай сферы апошнім.
"Нобелеўскую прэмію" па эканоміцы атрымаў амерыканец Рычард Талер, які вывучае псіхалогію рынку. Сярод яго асноўных ідэй — тэорыя "кіраванага выбару". Работы па паводніцкай эканоміцы ён пісаў разам з Даніэлем Канеманам, які раней ужо атрымліваў узнагароду.
Вядомы Талер і тым, што быў дарадцам пры 44-м прэзідэнце ЗША Бараку Абаме. Сярод апублікаваных работ Талер — "Праклён пераможцаў: парадоксы і анамаліі эканамічнага жыцця", "Квазірацыянальная эканамічная тэорыя" і іншыя даследаванні.
Як растлумачылі ў Нобелеўскім камітэце, даследаванні Талера часта цытуюцца ў літаратуры па маркетынгу і дапамагаюць пазбягаць няслушных маркетынгавых рашэнняў і тыповых "трукаў". Шмат у чым ён аказаў уплыў на развіццё сучаснай рэкламы, упэўненыя эксперты.
У мінулым годзе прэмію па эканоміцы атрымалі амерыканец Олівер Харт і фін Бенгт Хольмстрэм за ўклад у вывучэнне тэорыі кантрактаў.