МІНСК, 9 кас — Sputnik. Дажджлівае і ветранае надвор'е чакаецца ў Беларусі ў аўторак 10 кастрычніка, паведамілі ў панядзелак у Белгідрамеце.
Згодна з папярэднімі прагнозамі, увесь тыдзень у Беларусі будзе дажджлівы. Варта чакаць ападкаў і ў аўторак.
Так, дажджы 10 кастрычніка пройдуць на большай частцы тэрыторыі краіны. Будзе і ветрана: у некаторых раёнах парывы магчымыя да 15-20 метраў у секунду. Тэмпература паветра ўначы складзе +2..+7 градусаў, удзень +6..+11.
Удзень у Мінску ў аўторак сіноптыкі прагназуюць +7..+9 градусаў, уначы +5..+7. Не абыдуць бокам дажджы і сталіцу — яны таксама будуць ісці да канца тыдня.
Мінулыя выхадныя, па дадзеных сіноптыкаў, характарызаваліся няўстойлівым надвор'ем, а ў ноч з нядзелі на панядзелак па ўсходзе Беларусі прайшлі моцныя дажджы. Сярэднясутачная тэмпература на выхадных склала ў сярэднім +6..+8 градусаў — блізка да кліматычнай нормы кастрычніка.