МІНСК, 10 кас — Sputnik. У Бабруйску 14 кастрычніка пройдзе творчы конкурс "Залатая цёшча". Барацьба за галоўны тытул разгорнецца на канцэртнай пляцоўцы гарадскога парку культуры і адпачынку, паведамілі Sputnik у прэс-службе Магілёўскага аблвыканкама.
Сярод асноўных патрабаванняў да прэтэндэнтак — статус цёшчы, наяўнасць талентаў (уменне спяваць, танцаваць, вязаць шкарпэткі зяцю за пяць хвілін і інш.). Не выключаюць арганізатары і экспромт, на якім заснаваныя пяць з шасці запланаваных конкурсаў.
"Журы вызначыць пераможцаў у некалькіх намінацыях: абяруць самую мудрую, самую гаспадарчую, самую клапатлівую і далей аж да "залатой" цёшчы", — дадалі ў прэс-службе.
Па выніках конкурсу ўсе ўдзельніцы будуць заахвочаны памятнымі сувенірамі, а самая дастойная ў прыдачу атрымае асабліва каштоўны падарунак.
Пачатак мерапрыемства ў 14:00.