"А вось і не ранавата", — разумее кожны, хто заходзіць у экспазіцыйную прастору музея елачных цацак. У асяроддзі елак і цацак з розных краін навагодні настрой наведвае і ў кастрычніку, калі самы час збіраць каштаны, а не ставіць елкі.
У мінскім музеі елачнай цацкі можна паглядзець на шар, што некалі ўпрыгожваў елку на венскім балі і набыты на адным з кірмашоў Будапешта. Побач — стэнд з цацкамі з ЗША, Паўночнай Карэі і Ірана, якія наўмысна размясцілі побач. Так вырашылі паказаць, што святы аб'ядноўваюць нягледзячы на палітычныя спрэчкі. А непадалёк размясцілася палічка з узорамі старадаўняй ёлачнай моды Германіі — тут ёсць нават шкляныя выявы кайзераў. У калекцыі ёсць таксама копія самай вялікай зробленай уручную ёлачнай цацкі-шара, якую падарылі Папу Яну Паўлу II.
Уладальнік калекцыі цацак Андрэй Бягун распавёў, што агульны кошт калекцыі можа быць ацэнены і ў мільён долараў, але прадаваць ён пакуль яе не гатовы. Сам ён наведаў ужо пяцьдзесят дзве краіны. І з кожнага падарожжа імкнецца прывозіць з сабой цацку, у выніку калекцыя налічвае ўжо некалькі тысяч асобнікаў. У музеі выстаўлена толькі частка з іх, але і гэтага дастаткова, каб залюбавацца каляднай модай розных краін свету і зрабіць шмат адкрыццяў. Вось, напрыклад, у афрыканскіх краінах калядныя статуэткі вешчуноў цемнаскурыя. А немцы вешалі на елку дырыжабль "Цэпелін".
Захапленне калекцыянаваннем цацак перарасло ў бізнэс. Нагледзеўшыся на розныя калядныя традыцыі замежжа, Андрэй адкрыў фабрыку ёлачных цацак "Грай", якая ўпершыню з часоў Савецкага Саюза вярнула ў Беларусь вытворчасць ёлачных упрыгожванняў, прычым традыцыйна беларускіх. Нават футра Дзеда Мароза зроблена з мясцовага лёну.
Якія цацкі можна паглядзець у музеі і ўпрыгожваюць елкі жыхары розных краін свету, глядзіце ў фотастужцы Sputnik.