МІНСК, 17 кас — Sputnik. Нацыянальная зборная Беларусі па футболе правядзе таварыскую сустрэчу супраць каманды Грузіі, паведамілі Sputnik у прэс-службе Асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" (АБФФ).
"Паміж АБФФ і Федэрацыяй футбола Грузіі дасягнута дамоўленасць аб правядзенні таварыскага матчу з удзелам нацыянальных зборных", — распавялі ў АБФФ.
Спарынг адбудзецца 13 лістапада ў Кутаісі.
У АБФФ нагадалі, што ў апошні раз беларускія і грузінскія футбалісты сустракаліся ў рамках адборачнага турніру Чэмпіянату свету-2014. Гульня адбылася ў Тбілісі і завяршылася перамогай гаспадароў (1:0), у паядынку ў адказ у Мінску беларусы былі мацней (2:0).
Раней паведамлялася, што 9 лістапада ў Ерэване пройдзе таварыскі матч Арменія — Беларусь. У мінулыя гады каманды сустракаліся шэсць разоў: тройчы перамагалі беларусы, адзін раз выйгралі армяне, два разы супернікі згулялі ўнічыю. Іх апошні паядынак адбыўся 25 сакавіка 2016 года ў армянскай сталіцы і завяршыўся без забітых мячоў (0:0).