МІНСК, 18 кас — Sputnik. Амерыканскі пісьменнік Джордж Сондэрс стаў лаўрэатам Букераўскай прэміі, якая прысуджаецца ў галіне англамоўнай літаратуры, паведамляюць сусветныя СМІ.
Прэмію 58-гадовы Сондэрс атрымаў за раман Lincoln in the Bardo ("Лінкальн у бардо"). Да яго лаўрэатам "Букера" быў толькі адзін амерыканец — пісьменнік Пол Біці з раманам "Распродаж" (2016 год).
"Лінкальн у бардо" — першы "поўнаметражны" раман Сондэрса. Раней ён быў вядомы перш за ўсё як аўтар апавяданняў.
У рамане распавядаецца пра адну ноч у жыцці прэзідэнта ЗША Аўрама Лінкальна, калі ён прыходзіць на магілу свайго 11-гадовага сына, які памёр на пачатку Грамадзянскай вайны. На могілках Лінкальн упадае ў прамежкавы стан (падобны стан паміж жыццём і смерцю будысты называюць "бардо") і вядзе цікавыя дыялогі з душамі памерлых людзей.
За аснову сюжэту ўзяты рэальны эпізод з жыцця Лінкольна 1862 года. Кніга выйшла ў выдавецтве Bloomsbury.
"Форма і стыль гэтага зусім арыгінальнага рамана ўяўляе сабой дасціпны, тонкі і кранальны аповяд", — заявіла журналістам старшыня журы "Букера" Лола Янг.
Усім фіналістам (уключаючы лаўрэата), уручаецца чэк на 2,5 тысячы фунтаў, а таксама падарункавае выданне кнігі ручной працы.
Сондэрс атрымае прыз у 50 тысяч фунтаў стэрлінгаў. Акрамя "Букера", ён лаўрэат шматлікіх прэмій і ўзнагарод.
Усяго ў шорт-лісце Букераўскай прэміі было шэсць кніг: раман амерыканскага пісьменніка Пола Остэра "4, 3, 2, 1"; кніга пакістанскага аўтара Махсіна Хаміда Exit West ("Выхад на захад"); History of Wolves ("Гісторыя драпежнікаў") ад аўтара гатычных раманаў амерыканкі Эмілі Фрыдлунд; кніга майстры інтэлектуальнай прозы з Шатландыі Алі Сміт Autumn ("Восень") і дэбютны раман брытанкі Фіёны Мозлі Elmet ("Элмет").
Букераўскую прэмію ўручаюць пачынаючы з 1969 года. Да 2014 года яе лаўрэатамі маглі стаць толькі грамадзяне Вялікабрытаніі, Ірландыі і краін брытанскай Садружнасці. З 2014 года правілы змяніліся, і цяпер шанец на прэмію ёсць у пісьменнікаў з любых краін. Галоўная ўмова — раман павінен быць напісаны на англійскай мове і апублікаваны афіцыйным выдаўцом у Вялікабрытаніі ў год прысуджэння прэміі.
У розныя гады фіналістамі прэміі станавіліся Айрыс Мёрдак, Салман Рушдзі, Кадзуа Ісігура, Уільям Голдзінг, Маргарэт Этвуд.