МІНСК, 22 кас — Sputnik. Праект пад назвай "Шляхам Тызенгаўза" атрымаў падтрымку ў рамках трансгранічнага партнёрства, прайшоў усе этапы і зацверджаны, паведамілі Sputnik у прэс-службе Гродзенскага аблвыканкама.
"Работы па рэканструкцыі гісторыка-культурнага аб'екта будынка былога Нацыянальнага архіва на цэнтральнай гарадской плошчы пачнуцца ўжо летам", — распавялі ў аблвыканкаме.
Паводле задумы тут размесцяцца прэзентабельная канферэнц-зала і галерэя Тызенгаўза. Сюды будуць запрашаць бізнес-інвестараў для дэманстрацыі дзелавых магчымасцяў горада, а таксама прыцягваць увагу турыстаў.
Праект "Шляхам Тызенгаўза — стварэнне турыстычнага маршрута для прасоўвання гістарычнай і культурнай спадчыны Сакулкі і Гродна" будзе каштаваць агулам 2,2 млн еўра. Большую частку — 1,9 млн еўра — выдзеліць праграма трансгранічнага супрацоўніцтва, паведамляе isokolka.eu. Праект мае рэалізавацца ў 2018-2019 гадах.
"На старце было дзесьці 362 заяўкі. Прыкладна мы прыкінулі, атрымаўся конкурс, калі па колькасці заявак, 1 да 20, а калі па колькасці запытаных грошай, конкурс вырас з 1 да 30. Таму паверце, што мы ганарымся, што выйгралі. Пісала палова Украіны, пісала палова Польшчы", — распавёў каардынатар праекту "Шляхам Тызенгаўза" Сяргей Каляда.
Праект "Шляхам Тызенгаўза" быў ухвалены шмат у чым дзякуючы сумесным польска-беларускім намаганням. У польскім горадзе Сакулка, як і ў Гродне, Антоній Тызенгаўз пабудаваў падобныя адзін аднаму будынкі. У будучыні культурныя аб'екты злучацца веласіпедным маршрутам праз пункт пропуску "Брузгі". А ў абодвух гарадах з'явяцца кавярні з назвамі "Гродна" і "Сакулка".