МІНСК, 27 кас — Sputnik. Гастролі Смаленскага дзяржаўнага драматычнага тэатра імя Грыбаедава пройдуць у Мінску з 27 па 29 кастрычніка. Сваю сцэну гасцям прадаставіў Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр.
Адкрые гастролі трагікамедыя "Трэба бачыць душой", пастаўленая заслужаным дзеячам мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віталём Баркоўскім па п'есе Лявона Агулянскага.
28 кастрычніка раніцай пакажуць музычную казку "Кот у ботах", створаную па матывах твораў Шарля Перо, а ўвечары — любоўную гісторыю "Верная жонка". У стварэнні гэтага спектакля рэжысёр-пастаноўшчык, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Віктар Чэпелеў выкарыстаў матывы аднайменнай камедыі Самерсэта Маэма.
У завяршальны дзень гастроляў, 29 кастрычніка, мінчукі ўбачаць раніцай музычную казку Максіма Садоўнікава "Алі-Баба". Вячэрні час будзе аддадзены Рэю Куні — майстру мудрагелістых камедый з неперасягненымі інтрыгамі. Рэжысёр-пастаноўшчык, заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі Алег Кузьмішчэў спыніў увагу на п'есе Рэя Куні "Клінічны выпадак".
Смаленскі драмтэатр пастаянна паказвае ў Мінску свае пастаноўкі, праводзіць абменныя гастролі з Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатрам.
Свае дзверы смаленскі драмтэатр адкрыў 1780 годзе. Першым гледачом стала Кацярына II. Спецыяльна да яе прыезду губернатар Мікалай Рэпнін аддаў распараджэнне адкрыць оперны дом. У ім і адбылося камедыйнае прадстаўленне ў суправаджэнні хору.