Пасля абрання Алены Анісім на пасаду старшыні Таварыства беларускай мовы ранейшы старшыня суполкі Алег Трусаў цяпер з'яўляецца ганаровым старшынёй ТБМ. Алена Анісім у размове на радыё Sputnik Беларусь адзначыла, з чаго распачне працу на новай пасадзе.
"Першыя крокі — гэта паведамленне ў Міністэрства юстыцыі аб тым, што прайшоў з'езд, на якім я абраная старшынёй Таварыства беларускай мовы. Затым нашыя пастановы, прынятыя на з'ездзе, будуць адрасаваныя ў сродкі масавай інфармацыі і пры неабходнасці ў мінстэрствы", — адзначыла Анісім.
Суразмоўца Sputnik таксама падзялілася тым, як будзе сумяшчаць дзейнасць у ТМБ з працай у беларускім парламенце.
"Я увесь час раблю прапановы па заканадаўству, увесь час працую і нічога звыш такога пакуль што быць не можа. Гэта ўсё ідзе ў адным рэчышчы. Зараз я працую над тым, каб закон аб нарматыўных прававых актах быў прыняты ў другім чытанні адразу на абедзьвух дзяржаўных мовах", — адзначыла Анісім.
Па словах Анісім, зараз працягваецца праца над тым, каб беларускі варыянт новага закона дакладна адпавядаў таму, які распрацаваны на рускай мове.
Гутарку з Аленай Анісім слухайце на радыё Sputnik Беларусь.