МІНСК, 30 кас — Sputnik. Новым кіраўніком "Таварыства беларускай мовы" імя Францішка Скарыны стала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім, якая да нядаўняга часу займала пасаду намесніка старшыні ТБМ. Такое рашэнне было прынята на XIII з'ездзе ТБМ.
Анісім была адзіным кандыдатам, і большасць дэлегатаў яе падтрымала.
Ранейшы шматгадовы кіраўнік арганізацыі Алег Трусаў загадзя заявіў аб жаданні пакінуць пасаду і сканцэнтравацца на развіцці беларускамоўнай адукацыі.
"Планую заняцца навукай, абараніць доктарскую дысертацыю, а таксама больш увагі і сіл надаць праекту "Нацыянальны ўніверсітэт". Гэта мой асноўны напрамак дзейнасці ў рамках ТБМ", — распавёў Sputnik Трусаў.
Пра неабходнасць стварэння Нацыянальнага ўніверсітэта ўпершыню публічна было заяўлена падчас "Вялікай размовы з прэзідэнтам" у лютым 2017 года. З гэтым пытаннем да прэзідэнта звярнулася цяперашні кіраўнік ТБМ Алена Анісім. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў прадумаць гэтае пытанне, паколькі да гэтай ідэі, на яго думку, трэба ставіцца асцярожна і зыходзіць з жадання беларусаў — ці патрэбны ім такі ўніверсітэт, і ці будзе ў яго конкурс.
У ТБМ вырашылі не чакаць дзяржаўнага рашэння і пачалі работы па стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта. У верасні быў зарэгістраваны офіс. Аднак да таго як ВНУ ТБМ пачне прымаць студэнтаў, стваральнікам універсітэта трэба будзе яшчэ зарэгістраваць статут і атрымаць ліцэнзію на права вядзення адукацыйнай дзейнасці.
Адна з рэзалюцыяў, прынятых на праведзеным у нядзелю з'ездзе ТБМ, была прысвечана якраз неабходнасці развіцця вышэйшай беларускамоўнай адукацыі. У яшчэ адной рэзалюцыі гаварылася аб змяненні моўнай палітыкі ў парламенце. ТБМ лічыць важным, каб законы прымаліся адразу на дзвюх дзяржаўных мовах.
Было прынята і некалькі пастаноў. Адна з іх прадугледжвае ўнясенне ў парадак дня сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу законапраекта "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы".
Адразу пасля абрання ў Палату прадстаўнікоў Алена Анісім казала ў эфіры радыё Sputnik Беларусь, што мае намер у першую чаргу прасоўваць у парламенце законапраект аб падтрымцы беларускай мовы.
"У гэтым плане я вельмі разлічваю на нашу эліту і спадзяюся на пэўныя колы ў дзяржаўных органах улады. Пераход на выкарыстанне роднай мовы будзе спрыяць эмацыйнаму і духоўнаму ўздыму народа, без якога не можа быць руху наперад", — казала тады новаабраны дэпутат.