Напачатку мерапрыемства лірычны настрой забяспечыла сваім выступам Паліна Рэспубліка, выканаўшы пад акампанемент клавішаў даўно ўсім знаёмыя песні.
Вядучы ўрачыстасцяў, а па сумяшчэнню папулярны беларускі паэт Андрэй Хадановіч, спрабаваў жартаваць. Асабліва публіка ацаніла жарт наконт таго, што член журы і пісьменнік Альгерд Бахарэвіч тройчы атрымліваў другое месца на прэміі Гедройца.
Дырэктар Польскага інстытута ў Мінску Матэўш Адамскі нагадаў прысутным пра супольную гісторыю, а таксама адзначыў, што Беларусь па праву лічыцца культурнай спадкаемніцай Вялікага Княства Літоўскага.
Па выніках 2017 года самую прэстыжную ў беларускім літаратурным асяроддзі ўзнагароду атрымаў Зміцер Бартосік за кнігу "Быў у пана верабейка гаварушчы". Другое месца атрымала Людміла Рублеўская, трэцяе — Адам Глобус.
Прэмію імя рэдактара і публіцыста Ежы Гедройца ўручаюць беларускамоўным празаікам з 2012 года. Уладальнік прэміі атрымлівае прыз у пяць тысяч еўра.
Каму з літаратараў Зміцер Бартосік аддае перавагу і на што патраціць прэмію, глядзіце ў эксклюзіўным відэа Sputnik.