МІНСК, 1 ліс — Sputnik. У Мінску 3 лістапада ўпершыню пройдзе беларускамоўны паэтычны батл "Вершус", паведамілі Sputnik арганізатары.
Паэтычны батл прымеркаваны да 135-годдзя Якуба Коласа і Янкі Купалы. Маладыя паэты і акцёры будуць спаборнічаць адзін на адзін, чытаючы свае вершы і творы класікаў.
"Хто пераможа ў "Вершусе" — "Каманда Купалы" або "Каманда Коласа" — вызначаць гледачы", — распавялі арганізатары батла.
У першым раўндзе паэтычнага батла сустрэнуцца акцёры тэатра "Жывое слова" Анатоль Глямбоцкi i Наста Жлукценка. У другім і трэцім раўндах сыдуцца маладыя паэты: Кацярына Мосэ і Маргарыта Латышкевіч, Алесь Снег і Мікіта Найдзёнаў.
Дзе: першы паверх гандлёвага цэнтра "Galleria Minsk" (пр. Пераможцаў, 9).
Калі: 3 лістапада ў 17:00.
Кошт: уваход вольны.