МІНСК, 31 кас — Sputnik. Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца 2017 года дасталася Зміцеру Бартосіку за кнігу "Быў у пана верабейка гаварушчы", перадае карэспандэнт Sputnik.
Прэмію імя рэдактара і публіцыста Ежы Гедройца ўручаюць беларускамоўным празаікам з 2012 года. Уладальнік прэміі атрымлівае прыз у пяць тысяч еўра.
Па выніках 2017 года самую прэстыжную ў беларускім літаратурным асяроддзі ўзнагароду атрымаў Зміцер Бартосік за кнігу "Быў у пана верабейка гаварушчы". Другое месца атрымала Людміла Рублеўская, трэцяе — Адам Глобус.
Любімца сацыяльных сетак і выданняў Андруся Горвата журы асобна не адзначыла.
Па словах арганізатараў прэміі, яе галоўная мэта — папулярызацыя беларускай сучаснай літаратуры як унутры краіны, так і за мяжой. Уладальнік прэміі атрымае і магчымасць зноў надрукаваць сваю кнігу — у выдавецтве Саюза беларускіх пісьменнікаў.
За прэмію ў 2017 годзе змагаліся Людміла Рублеўская, Андрусь Горват, Сяргей Календа, Аляксей Талстоў, Адам Глобус, Валеры Гапееў і Зміцер Бартосік.