Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля тэрарыстычнага акту, які адбыўся ў аўторак на Манхэтэне, заклікаў адмовіцца ад розыгрышу іміграцыйных віз, больш вядомага як Green Card — "Зялёная карта". Зрэшты, Дзярждэпартамент ужо заявіў аб тым, што латарэя пакуль застанецца, насуперак волі прэзідэнта.
Што такое Green Card?
Наcамрэч, праграма розыгрышу права быць рэзідэнтам ЗША называецца не Green Card, а дыверсіфікацыйная латарэя. Сама ж "Зялёная карта" — пасведчанне наяўнасці віду на жыхарства ў краіне.
Акрамя выйгрышу, такую ж карту можна атрымаць, уладкоўваючыся на працу, атрымліваючы палітычны прытулак і іншымі спосабамі. Але самы просты — удзел у бясплатным розыгрышы. Акрамя гэтай латарэі, для жыхароў некаторых краінаў часам уводзяцца асобныя конкурсы і розыгрышы атрымання часовага віду на жыхарства.
Удзельнічаць могуць усе?
Прымаць удзел у дыверсіфікацыйнай латарэі могуць без абмежаванняў усе паўналетнія людзі з як мінімум сярэдняй адукацыяй. Чалавек, які падае заяўку, павінен быць выхадцам з дзяржавы, у пасольства якой падае дакументы. Некаторыя звяртаюцца да дапамогі агенцтваў, аднак яны выконваюць тэхнічную функцыю.
Удзельнікі рэгіструюцца на сайтах пасольстваў, затым, пры правільным афармленні ўсіх папер, чакаюць вынікаў розыгрышу. Усяго ў свеце ў латарэі выйграюць каля 55 тысяч чалавек, каля палутара тысячы з іх — беларусы. Зрэшты, з'язджаюць у ЗША потым далёка не ўсе.
Розыгрыш Green Card могуць адмяніць?
Дзяржаўны дэпартамент ЗША пакуль будзе працягваць розыгрыш, аднак Трамп абяцаў дамагчыся адмовы ад латарэі. Гіпатэтычна, Дзярждэпартамэнт павінен падпарадкоўвацца менавіта прэзідэнту, а калі ён зможа заручыцца падтрымкай Кангрэса, то Green Card могуць сапраўды адмяніць.
Крытыкі латарэі ўжо даўно кажуць пра тое, што ЗША больш не маюць патрэбу ў такой колькасці мігрантаў, нават калі прыязджаюць кваліфікаваныя кадры. Таксама выйграюць у латарэі і ашуканцы, а часам — і патэнцыйна небяспечныя грамадзяне, напрыклад, як той, што ўчыніў тэракт у цэнтры Нью-Ёрка выхадзец з Узбекістана.