У Вілейскім раёне каля вёскі Арпа дарожна-будаўнічае ўпраўленне ужо другі год вядзе распрацоўку пясчанага кар'еру, у зону якога патрапляе археалагічны аб'ект — гарадзішча Жалезнага веку культуры штрыхаванай керамікі.
Па словах археолага, кандыдата гістарычных навук Максіма Чарняўскага, гэты участак афіцыйна выдзелены ўладамі мясцоваму ДБУ на распрацоўку кар'ера з пяском. Ні на адным з узроўняў улады, ні ў райвыканкаме, ні ў аблвыканкаме загадзя не пацікавілся пра тое, ці прысутнічаюць на выдзеленым пад распрацоўку ўчастку археалагічныя аб'екты, як гэта прадпісана заканадаўствам РБ. Фактычна будаўнікі сталі закладнікамі сітуацыі, бо гэта не іх абавязкі — высвятляць, ці ёсць на ўчастку археалагічныя помнікі. Аднак пасля атрымання інфармацыі аб пагрозе архелагічнаму аб'екту яны абавязаны, згодна з заканадаўствам, неадкладна спыніць любыя працы ў яго ваколіцах.
Зараз помнік археалогіі моцна пашкоджаны будаўнічай тэхнікай. Максім Чарняўскі распавёў, што прызджаў да гарадзішча і знаходзіў рэшткі посуду і металічныя вырабы эпохі жалезнага веку, а таксама вёскі Новага часу на ўскрайку гарадзішча.
"Дадзенае гарадзішча, канешне, не ўнесена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, але з'яўляецца важным археалагічным аб'ектам. Яно вядомае навуцы з ХІХ стагоддзя і, дарэчы, уключана ў "Список воинских захоронений, мемориалов и памятников истории и культуры г. Вилейка и Вилейского района" ад 2013 года, які зацверджаны Вілейскім райвыканкамам. Паводле закону да экспертызы ўчастку пад земляныя работы павінны быў быць падключаны Інстытут гісторыі НАН Беларусі. Улады на розных узроўнях, ад сельсавета да аблвыканкама, гэтага не зрабілі", — патлумачыў Максім Чарняўскі.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вілейскага райвыканкама Сяргей Паўлоўскі ў размове з карэспандэнтам Sputnik сказаў, што пазіцыя ўладаў супадае з гісторыкамі.
"Наша пазіцыя супадае з пазіцыяй Акадэміі навук. Павінна выконвацца заканадаўства, якое прапісана ў Кодэксе аб культуры. Мы таксама адрэагавалі. Мы звярнуліся з прадпісаннем да кіраўніцтва ДБУ №13 аб спыненні работ. У трохдзённы тэрмін яны дадуць нам афіцыйны адказ, які шлях яны выбралі: кансервацыя аб'екта альбо археалагічныя даследванні, якія аплачвае заказчык згодна з заканадаўствам", — адзначыў Паўлоўскі.
Сяргей Паўлоўскі дадаў, што адказ ДБУ чакаецца пасля святаў, хутчэй за ўсё у будучую сераду.
У сваю чаргу Максім Чарняўскі адзначыў, што "такая сітуацыя ўвогуле характэрная для большасці раёнаў Беларусі. Мясцовыя ўлады і будаўнічыя арганізацыі папросту ігнаруюць заканадаўства, каб не несці лішнія выдаткі і паскорыць працэс будаўніцтва. А мы губляем унікальныя помнікі археалогіі, аб'екты, якім могуць быць цэнтрам гістарычна-культурнага жыцця і таксама турызму.
"У суседніх краінах такія гарадзішчы стаяць пачышчаныя ад дрэваў, пакошаныя і з'яўляюцца значнымі турыстычнымі месцамі і цэнтрамі правядзення розных фэстаў. Усё, што ў нас убачылі, — радовішча пяску і выручку ад яго продажу", — рэзюмаваў археолаг.