МІНСК, 9 ліс — Sputnik. Беларусь стала членам Выканаўчага камітэта ЮНЕСКА, пра гэта паведаміла пасольства рэспублікі ў Францыі на старонцы ў Facebook.
У ходзе галасавання Генеральнай канферэнцыі на 39-й сесіі ў штаб-кватэры ЮНЕСКА ў Парыжы за нашу краіну прагаласавала большасць — 171 дэлегат з 184, якія маюць права голасу.
Гэту падзею пракаментаваў пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка, адзначыўшы, што ў складзе выканкама рэспубліка зробіць актыўныя намаганні для павышэння ролі ЮНЕСКА, а таксама будзе развіваць адносіны як з самой арганізацыяй, так і з яе членамі.
Генканферэнцыя — вышэйшы орган ЮНЕСКА. У выканкам арганізацыі ўваходзяць прадстаўнікі 58 дзяржаў, якія выбіраюцца на чатырохгадовы тэрмін. Беларусь з'яўляецца членам арганізацыі з 1954 года. У выканкам ЮНЕСКА рэспубліка абіраецца ўжо ў пяты раз.
Генканферэнцыя ЮНЕСКА завершыцца ў Парыжы 14 лістапада.