МІНСК, 12 ліс — Sputnik. У другой вырашальны дзень Кубка Федэрацыі вядомая беларуская тэнісістка і трэнер Таццяна Пучак была ўдастоена прэміі Кубка Федэрацыі ад Міжнароднай тэніснай залы славы і Міжнароднай федэрацыі тэніса.
Дыплом аб узнагароджанні Таццяне перад пачаткам матчаў уручылі прэзідэнт ITF Дэвід Хагерці і лаўрэат ITHF аўстралійскі тэнісіст Марк Вудфорд.
Таццяна Пучак з 1997 па 2011 год правяла 45 матчаў Кубка Федэрацыі, у якіх 28 выйграла ў парным складзе і дзевяць — у адзіночным. Разам з Вікторыяй Азаранка Таццяна Пучак выступала ў парным разрадзе Алімпіяды ў Пекіне. Была капітанам беларускай жаночай каманды ў матчах Кубка Федэрацыі, пры яе кіраўніцтве каманда выйграла пераважную большасць матчаў і прабілася ў Сусветную групу Кубка.
Фінал Кубка Федэрацыі праходзіць у гэтыя выхадныя ў беларускай сталіцы. За галоўны трафей змагаюцца зборныя беларусі і ЗША. Першы гульнявы дзень завяршыўся з роўным лікам 1:1. Спачатку беларуска Аляксандра Сасновіч пацярпела паразу ад амерыканкі Како Вандевеге. Затым Арына Сабаленка абыграла Слоан Стывенс і зраўняла выніковы лік дня.
Беларусь упершыню прымае ўдзел у фінале прэстыжнага турніру.