МІНСК, 15 ліс — Sputnik. Naka Piano прэзентуе альбом "Игра в правду" для ўсіх жадаючых 13-га студзеня ў Музеі Азгура.
Альбом быў створаны дзякуючы падтрымцы слухачоў, якія ўзялі ўдзел у краудфандынг-праекце. З улікам таго, што закрытая прэзентацыя для інвестараў праекта не можа змясціць усіх жадаючых, было вырашана даць дадатковы квітковы канцэрт, які пройдзе 13-га студзеня, на Стары Новы год у Музеі Азгура.
"Найперш мы яшчэ раз дзякуем інвестарам праекта, дзякуючы якім альбом выйшаў у свет. Ягоная рэалізацыя зацягнулася — дзякуй за цярпенне і падтрымку. Для ўсіх, хто не браў удзел у праекце, мы арганізавалі дадатковы канцэрт. Радыя ўсім, прыходзьце! Праўда-праўда", — пракаментавала канцэрт вакалістка гурта Наста Шпакоўская.
За 12 год гісторыі Naka выпусціла 6 нумарных альбомаў: "Тебе", "Пора", "Довольна", "Малітва" і два альбомы як Naka Piano.
У 2016-ым гурт падзяліўся на рокавы квартэт Naka і лайтовы Naka Piano. Другі альбом Naka Piano стаў болей артавым і эксперыментальным, а ў некаторых кампазіцыях прагучалі бубны.
Naka Piano з дадатковым канцэртам "Игра в правду" выступіць 13-га студзеня 2018 года ў музеі Азгура; пачатак а 18-й гадзіне; кошт квіткоў ад 13 да 20 рублёў.