У 23-й выставе "Прадэкспа" бяруць удзел вытворцы прадуктаў з 15 краін. Практычна кожны стэнд можа не толькі здзівіць наведвальніка афармленнем, але і стаць месцам дэгустацыі прадуктаў.
Мяса, малако, хлеб — гэта стандартныя складнікі спажывецкага кошыку. Магчымасць паспрабаваць на выставе гэтыя прадукты розных вытворцаў дае людзям магчымасць зразумець, што ім больш падабаецца не толькі па складзе, але і па смакавых якасцях.
На дэгустацыях прадстаўлены і больш экзатычныя прадукты. Напрыклад, лячэбнае, як сцвярджае чэшскі вытворца, канаплянае масла. Або сыр з цвіллю і своеасаблівым водарам, які зразумеюць толькі сапраўдныя аматары.
У рамках выставы праходзіць конкурс кандытарскага майстэрства. Кандытары з усёй Беларусі прадставілі свае работы. Тарты дзівяць сваёй дэталізацыяй і рэалістычнасцю. Тут можна ўбачыць мішку на паляне, торт-карусель з дзеючым механізмам і нават увасобленага ў масціцы персанажа з кнігі і фільмаў "Яно".
Водары ежы і яе апетытны выгляд прыцягваюць увагу нават самых спрактыкаваных наведвальнікаў выставы. Верагодна, гэта і ёсць залог поспеху падобных мерапрыемстваў.