МІНСК, 15 ліс — Sputnik. Камітэт па культуры Сейма Літвы вырашыў узяць надзвычайную сітуацыю на гары Гедыміна, на якой працягваюць сыходзіць апоўзні, пад дзяржаўны кантроль, паведамляе прэс-служба канцылярыі Сейма.
На выязным пасяджэнні члены камітэта агледзелі апоўзні, якія ўтварыліся на ўсходнім, паўднёва-ўсходнім і паўднёва-заходнім схілах гары Гедыміна, і азнаёміліся з планам падрыхтоўчых работ да зімовага і веснавога перыядаў 2017-2018 года.
Вежу Гедыміна і прылеглую да яе плошчу аснасцяць спецыяльным часовым дахам, які абароніць ад ападкаў. Тое ж самае зробяць і для абароны ўнутранай часткі парэшткаў Палаца князёў.
Дзякуючы ўстаноўцы ахоўнага экрана, працягнуцца археалагічныя раскопкі на тэрыторыі гары, дзе ў студзені гэтага года былі знойдзены астанкі чатырох целаў. Па здагадцы навукоўцаў, гэта маглі быць ўдзельнікі паўстання 1863-1864 гадоў, якіх пакаралі смерцю на плошчы Лукішкес.
Старшыня камітэта культуры Рамунас Карбаўскіс заявіў, што да вясны наступнага года адновяць паўночна-заходні схіл гары.
Падчас візіту прадстаўнікоў Сейма на гары сышоў яшчэ адзін апоўзень. Намеснік міністра культуры Рэналдас Аўгусцінавічус адзначыў, што апоўзні на гары па-ранейшаму будуць адбывацца, але прынятыя меры дазволяць паменшыць іх колькасць.
Таксама ён падкрэсліў, што для іх важна, каб апоўзні не ператварыліся ў адзін вялікі масіў, які можа стаць пагрозай для гістарычных будынкаў.
Раней прэзідэнт краіны Даля Грыбаўскайтэ запатрабавала ад урада перагледзець план па абароне горы Гедыміна з-за сітуацыі, якая склалася з кліматычнымі з'явамі ў гэтым годзе.