МІНСК, 15 ліс — Sputnik. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася ўрачыстая прэзентацыя кнігі "Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста".
Мітрапаліт Павел шчыра ўсіх павіншаваў і сказаў, што выданне дадзенай кнігі сапраўднае нацыянальнае і царкоўнае свята.
Пераклад цягам 25 год
"Так склалася, што ў год, калі мы святкуем выхад першай беларускай друкаванай кнігі, якую выдаў вядомы асветнік Францыск Скарына, у гэты ж год выйшаў Новы Запавет на беларускай мове", — адзначыў важнасць падзеі Патрыяршы экзарх усея Беларусі.
Паводле яго слоў, перакладчыкі 25 гадоў займаліся гэтай працай. Кожны прапаведнік для поспеху звяртаўся да народа на зразумелай яму мове. Важна, каб чалавек мог спасцігаць святое пісанне на роднай мове.
Беларуская мова богаслужэнняў
Мітрапаліт Павел сказаў, што выдадзена была невялікая колькасць кніг — 6 тысяч асобнікаў, і калі яны будуць карыстацца попытам, будуць перавыданні. Кожны жадаючы зможа прачытаць выданне ў Нацыянальнай бібліятэцы, а потым яно будзе таксама аблічбована.
"Не трэба ўвязваць выданне Новага Запавета на беларускай мове і пашырэнне богаслужэння на беларускай мове. У царкве няма канічнай або дагматычнай устаноўкі наконт мовы. Будуць людзі жадаць, можна будзе весці богаслужэнне. Справа у тым, што людзі, якія ходзяць у храм, прызвычаіліся маліцца на царкоўнаславянскай мове", — адзначыў Патрыяршы экзарх усея Беларусі.
Мітрапаліт распавёў, што была спроба некалькі гадоў таму ў аднаго з настаяцеляў царквы адразу ўсё богаслужэнне перавесці на беларускую мову. "Людзі перасталі хадзіць. Для іх тады гэта было незразумела", — патлумачыў ён.
"Сёння падрастае маладое пакаленне, якому беларуская мова бліжэй. У гэтым ёсць і мудрасць палітыкі ў дзяржаве, якая не навязвае, усё павінна саспяваць натуральным чынам. Будуць людзі цягнуцца да богаслужэння на беларускай мове, і пастыр будзе маліцца з імі на той мове, якая ім да спадобы", — дадаў мітрапаліт Павел.
Пры гэтым ён распавёў, што і сам хацеў вывучыць беларускую мову, але адміністрацыйная праца перашкаджае.
Ранейшыя пераклады Бібліі
Адказны за пераклад Новага Запавета на беларускую мову протаіерэй Сергій Гардун распавёў, што спробы перакладу святога пісання на беларускю мову рабіліся і раней.
Сергій Гардун адзначыў, што ранейшым перакладам бракавала ў дакладнасці і зараз яны не адпавядаюць нормам беларускай літаратурнай мовы.
Протаіерэй асабліва адзначыў асобу Міхася Міцкевіча, які даводзіўся родным братам Якубу Коласу. Яму выпала быць забытым на радзіме. Пад час нямецкай акупацыі ён настаўнічаў і потым быў вымушаны адступаць разам з захопнікамі. Міхась Міцкевіч жыў у эміграцыі ў ЗША, дзе зрабіў уласны пераклад святога пісання на беларускую мову.
Падмурак беларускіх традыцый
Міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч нагадаў, што сённяшня падзея адбываецца ў год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.
"З'явілася кніга, якая замацоўвае беларускія традыцыі асэнсавання Новага Запавета. Мне хацелася, каб гэта падзея стала падмуркам, падставай для новых крокаў уз'яднання царквы з грамадствам і фарміравання незалежнай Беларусі", — сказаў Аляксандр Карлюкевіч.
Міністр інфармацыі нагадаў, што ў малодшага брата Якуба Коласа быў псеўданім Антось Галіна.
"Хацелася, каб усе мы былі галінамі аднаго дрэва, якое складае адзінае самых добрых памкненняў", — адзначыў міністр.
Працяг скарынаўскай традыцыі
Дэпутат беларускага парламента Алена Анісім адзначыла, што 2017 год стаў надзвычай напоўненным падзеямі.
"Сённешняя прэзентацыя "Новага Запавета Госпада нашага Іісуса Хрыста" на сучаснай беларускай мове — выдатная нагода асэнсаваць значэнне духоўнай асветы. Выданне гэтай кнігі — працяг скарынаўскай традыцыі", — падкрэсліла Алена Анісім.
Яна лічыць, што гэтае выданне з'яўляецца вялікім укладам у развіццё сучаснай беларускай мовы.