МІНСК, 17 ліс — Sputnik. Гурт "Стары Ольса" павіншаваў з восеньскім Днём студэнта ўсіх, хто мае дачыненне да гэтага свята і прысвяціў ім "Gaudeamus igitur" на беларускай мове. Свае віншаванні моладзі гурт даслаў праз сацыяльныя сеткі.
Прэм'ера песні адбылася ў 2013-м годзе і адразу прыйшлася да спадобы беларускім студэнтам.
"Віншуем заўжды маладых душой студэнтаў са Святам! "Gaudeamus igitur" — "Гімн студэнтаў", які ўрэшце загучаў, дзякуючы гурту "Стары Ольса", і на беларускай мове. Гэта была ўласна даніна павагі "асабліваму дню", — гаворыцца ў паведамленні гурта.
"Мы прысвячаем гэтую песню ўсім студэнтам, якія зусім не змяніліся з тых часоў. Вельмі дзіўна, што яе спяваюць у акадэмічным асяродку, бо стваралася яна па-за вучобаю самімі студэнтамі і прысвечаная каханню, віну ды адпачынку", — распавёў лідэр калектыву Зміцер Сасноўскі.
Гурт "Стары Ольса" прэзентуе свой новы альбом "Вада, хмель і солад" для мінскай публікі 19 лістапада ў Палацы прафсаюзаў.
Альбом цалкам адпавядае тэматыцы застолляў — ён напоўнены жартоўнымі песнямі, песнямі пра піва, рыцарскімі і рэлігіёзнымі.