МІНСК, 20 ліс — Sputnik. Хакейны клуб "Дынама-Мінск" пацярпеў паражэнне ў выязным матчы рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі (КХЛ) супраць хабараўскага "Амура" з лікам 2:3, паведамляе Sputnik.
Матч адбыўся ў панядзелак на "Плацінум-Арэне" ў Хабараўску. Асноўны час паядынку завяршыўся з лікам 2:2. У складзе гаспадароў адзначыліся Томаш Загорна (24-я хвіліна) і Уладзіслаў Ушэнін (27). Мінчане змаглі адыграцца дзякуючы намаганням Куінтана Хаўдэна (43) і Андрэя Сцяпанава (47, у большасці). У авертайме перамогу "тыграм" прынёс Алег Лі (64).
Гульнёй супраць "Амура" мінчане завяршылі выязную серыю і ўжо 24 лістапада на хатняй арэне выступяць супраць омскага "Авангарда", а 26 лістапада "зубры" будуць змагацца супраць "Сібіры".
У табліцы Заходняй канферэнцыі "бела-сінія" займаюць дзесятае месца (42 ачкі).