МІНСК, 20 ліс — Sputnik. Робат "Сяо І" паспяхова здаў экзамен на атрыманне ліцэнзіі для вядзення медычнай практыкі ў Кітаі, паведамляе выданне China Daily.
"Мы афіцыйна запусцім робата ў сакавіку 2018 года. Ён не прызначаны для замены дактароў. Ён павінен спрыяць паляпшэнню супрацоўніцтва паміж людзьмі і машынамі, каб павысіць іх агульную эфектыўнасць", — пракаментаваў старшыня кампаніі-распрацоўніка iFlytek Лю Цынфэн.
Штучны інтэлект выканаў усе заданні за адну гадзіну замест патрэбных дзесяці і набраў 456 з 600 магчымых балаў, што на 96 балаў вышэй, чым патрабуецца для паспяховай здачы экзамену.
У кампаніі iFlytek адзначылі, што робат можа аўтаматычна атрымліваць і аналізаваць інфармацыю пра пацыента і ставіць першасны дыягназ. Яго будуць выкарыстоўваць для аказання дапамогі дактарам у вызначэнні будучых метадаў лячэння. Асабліва гэта актуальна для сельскіх раёнаў Кітая, дзе дактароў не хапае.
Экзаменатары сцвярджаюць, што "Сяо І" не мог падмануць іх або скарыстацца шпаргалкай: падчас тэсту ў яго не было доступу да інтэрнэту, і ён выкарыстаў толькі тыя дадзеныя, якія змясцілі ў яго ўнутраную памяць вытворцы.