МІНСК, 23 ліс — Sputnik. Палескі драматычны тэатр прыме ўдзел у ХV Міжнародным тэатральным фестывалі "Залаты Віцязь", які праходзіць у Маскве з 20 лістапада па 5 снежня.
Выступ пінчукоў у сталіцы Расіі адбудзецца 26 лістапада. На новай сцэнічнай пляцоўцы Гіціса беларускія артысты пакажуць "Пінскую шляхту", рэжысёрам якой з'яўляецца заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Віталь Баркоўскі.
Спектакль створаны на аснове аўтарскага тэксту Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і ідзе на палескім дыялекце. Менавіта ў такім варыянце пастаноўку ўбачаць маскоўскія гледачы.
У "Пінскай шляхце" занятая практычна ўся трупа Палескага тэатра, у пэўныя моманты на сцэне працуюць 19 чалавек.
"Летась на цырымоніі ўзнагароджання Нацыянальнай тэатральнай прэміі гэты спектакль быў удастоены спецыяльнага дыплома Белтэлерадыёкампаніі, супрацоўнікі якой знялі тэлевізійную версію пастаноўкі. Пасля гэтага нам прапанавалі падаць заяўку на ўдзел у "Залатым Віцязі". Спачатку атрымалі ад арганізатараў папярэднюю згоду, а ў кастрычніку прыйшло афіцыйнае запрашэнне на фэст", — распавялі ў драмтэатры.
Сваю творчасць на форуме прэзентуюць тэатры з буйных гарадоў Расіі, Украіны, Сербіі, Босніі і Герцагавіны.
Пасля вяртання дадому пінскія артысты пачнуць падрыхтоўку яшчэ да адной замежнай паездцы — іх запрасілі выступіць на IX Міжнародным фестывалі камерных тэатраў і спектакляў малых формаў "Молдфест", які пройдзе ў Кішынёве 2-8 снежня. У сталіцу Малдовы беларусы прывязуць пастаноўку "Nach Hause", рэжысёрам якой таксама з'яўляецца Віталь Баркоўскі.