МІНСК, 23 ліс — Sputnik. Тэхналогія распазнання твараў можа стаць даступнай для масавага карыстальніка на працягу бліжэйшых некалькіх гадоў, распавёў РІА "Новости" заснавальнік і гендырэктар кампаніі-распрацоўніка праграмнага забеспячэння па распазнанні твараў VisionLabs Аляксандр Ханін.
Ён упэўнены, што праз 15-20 гадоў біяметрыя можа цалкам замяніць класічныя пашпарты, тым больш што ўжо цяпер біяметрычныя тэхналогіі працуюць з распазнаннем твараў лепш, чым чалавек.
"Мы ўжо наблізіліся да максімуму ў распазнанні ў шэрагу кірункаў, напрыклад, у распазнанні віз, пашпартоў і сэлфі. Ёсць некаторыя галіны, дзе застаюцца праблемы. Але ў бліжэйшыя два-тры гады гэтыя рашэнні будуць калі не дасканалыя, то вельмі блізкія да дасканаласці", — распавёў Ханін.
Сярод кліентаў кампаніі VisionLabs шэраг фінансавых арганізацый і рытэйлераў. У сярэдзіне верасня 25,07% акцый кампаніі купіў Сбербанк. Кіраўніцтва банка плануе стварыць платформу для біяметрычнай ідэнтыфікацыі.
Зараз VisionLabs апрацоўвае патокі дадзеных прыкладна з мільёна камер. Усе яны ўстаноўлены ў Расіі і краінах СНД. Праграмнае забеспячэнне ўдасканальваецца праз бібліятэку з адкрытым зыходным кодам, якой карыстаюцца і іншыя кампаніі — Facebook, Twitter і Uber.