МІНСК, 24 ліс — Sputnik. Губернатар Кемераўскай вобласці Аман Тулееў даручыў увекавечыць імя Дзмітрыя Хварастоўскага ў Кузбасе, паведамляецца на сайце адміністрацыі вобласці.
Імем артыста будзе названы аб'ект гарадскога асяроддзя або ўстанова сферы культуры і адукацыі. Губернатар прапанаваў падрыхтаваць адпаведныя прапановы.
"Дзмітрый Хварастоўскі неаднаразова прыяжджаў з канцэртамі ў Кемераўскую вобласць. Мэтанакіраваны, палымяны, духоўна шчодры і неабыякавы — такім ён назаўсёды застанецца ў памяці ўсіх кузбасаўцаў", — адзначаецца ў адміністрацыі.
У 2006 годзе оперны спявак атрымаў званне "Ганаровы грамадзянін Кемераўскай вобласці".
Знакаміты барытон Дзмітрый Хварастоўскі памёр пасля працяглага лячэння анкалагічнага захворвання 22 лістапада ў Лондане. Нягледзячы на хваробу, ён да апошняга імкнуўся выходзіць на сцэну. Свой апошні канцэрт у Расіі спявак даў на пачатку лета гэтага года ў родным горадзе Краснаярску.