МІНСК, 28 ліс — Sputnik. На сцэне Гомельскага абласнога драмтэатра сёння адбудзецца прэм'ера музычнай тэатралізаванай пастаноўкі, стваральнікамі і акцёрамі якой сталі пажарныя-выратавальнікі, паведамілі ў прэс-службе Гомельскага аблвыканкама.
Ратавальнікі пакажуць гледачам спектакль пра бяспеку па матывах "Паўлінкі" Янкі Купалы. Гэта сумесная творчая праца Рагачоўскіх ратавальнікаў з народным тэатрам Рагачоўскага гарадскога дома культуры.
Пастаноўка з'явілася ў ходзе рэалізацыі прафілактычнага праекта, ініцыяванага МНС Беларусі на пачатку 2017 года. Тады было прапанавана правесці конкурс на лепшую музычную тэатралізаваную пастаноўку на тэму бяспекі жыццядзейнасці, аўтарамі і акцёрамі якой будуць работнікі МНС. Мэта праекта — у новай неардынарнай форме навучаць насельніцтва краіны правілам бяспекі.
У конкурсе актыўны ўдзел прынялі ўсе раённыя і гарадскія падраздзяленні МНС. Прайшоўшы адборачныя этапы, лепшай пастаноўкай быў названы спектакль "Паўлінка, або Аб правілах пажарнай бяспекі з беларускім каларытам".
"Камедыя распавядае пра канфлікт Якіма Сарокі са Сцяпанам Кнініцкім і Адольфам Быкоўскім з-за невыканання імі правілаў пажарнай бяспекі пры курэнні ў доме. У п'есе лёгка пераплятаюцца каханне, гумар, беларускі каларыт і правілы пажарнай бяспекі", — распавяла прадстаўнік Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Марыя Клязовіч.