МІНСК, 4 сне — Sputnik. Вядомы расійскі спявак і прадзюсар Філіп Кіркораў можа прыняць удзел у падрыхтоўцы выканаўцы для ўдзелу ў конкурсе песні "Еўрабачанне 2018" ад Беларусі.
Белтэлерадыёкампанія аб'явіла прыём заявак для ўдзелу ў нацыянальным адборы на конкурс "Еўрабачанне 2018" — артысты могуць прапаноўваць медыяхолдынгу свае кампазіцыі да 26 снежня, пасля чаго пройдуць праслухоўванні і адкрыты конкурс.
Кіркораў зноў у абойме?
Кіркораў ужо ўдзельнічаў у падрыхтоўцы беларусаў для "Еўрабачання". Так, у 2005-ым ён дапамагаў Анжаліцы Агурбаш, а ў 2007-ым — Дзмітрыю Калдуну, які прынёс Беларусі лепшы на сёння вынік у конкурсе — шостае месца.
"На днях на мяне выйшлі з прапановай ад адной сяброўскай нам краіны, і я пагадзіўся прадзюсаваць удзельніка. Мая Dream Team зробіць усё магчымае для бліскучага нумара — ад песні да пастаноўкі", — сказаў Кіркораў выданню "Дни.Ру" за кулісамі здымак навагодняй "Песні года".
Выданне мяркуе, што гаворка ідзе менавіта пра Беларусь. Зрэшты, сам ён канкрэтную краіну не называў.
А як жа Дробыш?
Некаторыя выданні тыдзень таму заяўлялі пра тое, што падрыхтоўкай прадстаўнікоў Беларусі на "Еўрабачанне 2018" зоймецца іншы расійскі прадзюсар — Віктар Дробыш, які ў 2016-м прадзюсаваў выканаўцу IVAN'а.
Меркавалася, што Дробыш будзе рыхтаваць на конкурс брэстаўчанку Зіну Купрыяновіч, якая ўдзельнічала ў "Новай Фабрыцы зорак". У якасці аргументу выдання прыводзілі той факт, што прадзюсар быў заўважаны ў грамадстве прэзідэнта рэспублікі і сыграў з ім у хакей.
Сам Дробыш гэтыя чуткі ніяк не каментаваў.
Што можа перашкодзіць Кіркораву і Дробышу?
У абодвух выпадках — і з Кіркоравым, і з Дробышам — ёсць нюансы, якія нельга ігнараваць.
Так, калі Беларусь і прапаноўвала Кіркораву рыхтаваць артыста, то дзіўным выглядае факт адкрытага адбору з рашэннем, якое будзе прымацца ў тым ліку і тэлегледачамі. Верагоднасць таго, што артысту прапанавалі падрыхтаваць выканаўцу для ўдзелу ў адборы, не такая высокая.
З Дробышам ўсё прасцей: Купрыяновіч, якую многія "прарочылі" ва ўдзельніцы "Еўрабачання", не можа прыняць у ім удзел з-за ўзросту. Па правілах конкурсу, на яго можна ехаць толькі з 16 гадоў, а Зіне толькі ўвосень споўнілася 15.
Так ці інакш, у канцы снежня завершыцца прыём заявак на ўдзел у адборы — тады і стане зразумела, ці ўдзельнічаюць у ім "падапечныя" масцітых прадзюсараў.