МІНСК, 4 сне — Sputnik. Анімацыйны фільм студый Disney і Pixar "Таямніца Како" ўзначаліў беларускі кінапракат па выніках мінулага тыдня, сведчаць дадзеныя сталічнага УП "Кінавідэапракат".
Мультфільм студый Disney і Pixar "Таямніца Кока" выйшаў на экраны два тыдні таму, аднак у першыя дні прайграў па зборах "Лізе справядлівасці". На другі тыдзень анімацыя "адыграла" сваё і ўзначаліла рэйтынгі па касавых зборах.
Толькі ў мінскіх дзяржаўных кінатэатрах на мінулым тыдні "Таямніцу Како" паглядзелі амаль 14 тысяч чалавек. Зборы ў сталіцы на мінулым тыдні склалі звыш 38 тысяч рублёў — мультфільм апярэдзіў прэм'еру, расійскі эпас "Легенда аб Калаўраце".
Стужку аб знішчэнні Разані Залатой Ардой паглядзелі крыху менш за пяць тысяч чалавек, сумарныя зборы пакуль складаюць каля 24 тысяч рублёў. Трэцяе месца па зборах у сталіцы заняла карціна "Каматознікі" з вынікам у амаль 23 тысячы.
У пяцёрцы лідараў сталічнага пракату застаюцца "Ліга справядлівасці" і "Забойства ва Усходнім экспрэсе".
Узначальвае "Таямніца Како" і сусветны кінапракат: сумарныя зборы ўжо перавысілі адзнаку ў 280 мільёнаў долараў. Высока ацанілі мультфільм і крытыкі, а таксама простыя гледачы: водгукі на анімацыю станоўчыя, а на "Кінапошуку" яна ўжо ўвайшла ў топ-250 лепшых фільмаў і займае сёння 40-е месца.