МІНСК, 6 сне — Sputnik. Нацыянальны гістарычны музей Беларусі распачаў анлайн-продаж электронных квіткоў на наведванне сталых экспазіцый, выстаў і мерапрыемстваў, паведамілі Sputnik у прэс-службе музея.
Зараз госці Нацыянальнага гістарычнага музея і яго філіялаў могуць загадзя падрыхтаваць свой візіт. Квіткі прадаюцца праз афіцыйны сайт histmuseum.by ці непасрэдна праз партал www.bycard.by.
"Гэта азначае максімальную зручнасць для наведвальнікаў — яны могуць загадзя спланаваць свой візіт. Таксама з'явілася магчымасць выкарыстоўваць квіткі як прыемныя і арыгінальныя падарункі. Нарэшце, адчыняюцца новыя перспектывы для арганізацыі групавых і карпаратыўных візітаў", — патлумачылі ў музеі неабходнасць удасканальвання сэрвісу.
Місія музея ў сучасным свеце — быць не "сховішчам старажытнасцяў", цікавым толькі вузкаму колу знаўцаў, а месцам грамадскіх камунікацый, пляцоўкай для правядзення цікавых культурных і адукацыйных праэктаў.
"Продаж электронных квіткоў анлайн дазволіць Нацыянальнаму гістарычнаму музею ў поўнай ступені адпавядаць ролі сучаснага музея — адчыненага для масавага наведвальніка і гатовага забяспечыць максімальны камфорт сваім гасцям", — дадалі ў прэс-службе.