МІНСК, 7 сне — Sputnik. У Цэнтры спадчыны ў Гродне адкрыецца пастаянная экспазіцыя мясцовай гісторыі танца, паведамілі Sputnik у прэс-службе Гродзенскага аблвыканкама.
На выставе, якая размесціцца ў адной з залаў Цэнтра спадчыны Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры, будуць прадстаўлены рэплікі касцюмаў XVII — XIX стагоддзяў, арыгінальныя танцавальныя камплекты, створаныя ў XX стагоддзі, аксэсуары, фатаграфіі, спецыяльная літаратура і сувеніры на танцавальную тэматыку.
"З XVII стагоддзя ў Гродне, як і ў Еўропе, пачынае актыўна развівацца харэаграфічнае мастацтва. Танец становіцца адной з галоўных забавак. Упадабанай забавай шляхты, уключаючы каралёў, былі балі, на якіх не толькі танчылі, але і абмяркоўвалі важныя палітычныя, ваенныя, эканамічныя, гаспадарчыя пытанні. Пачынаючы з XIX стагоддзя, балі праходзілі ў Гродне не радзей разу ў тыдзень у Новым замку — палацы Храптовічаў, а таксама ў сядзібах ў Красках, Падароску, Залессі, Свяцку. Маштабныя танцавальныя вечары арганізоўваліся ў Слоніме ва ўладаньнях Міхаіла Клеафаса Агінскага: створаны ім канал служыў натуральнай дэкарацыяй для тэатралізаваных паказаў, водных феерый і конных баталій", — распавяла метадыст цэнтра Людміла Лебедзь.
Наведвальнікаў выставы пазнаёмяць з падрабязнасцямі бальнага этыкету, пакажуць, у чым на вечарах фарсілі дамы і кавалеры. Касцюмы для выставы спецыяльна адшывалі гродзенскія майстры.
Тут можна будзе паглядзець падборку літаратуры па гісторыі танца, убачыць, якія сувеніры на танцавальную тэматыку вырабляюць гродзенскія майстры.
Усяго ў экспазіцыі будзе сабрана каля дваццаці камплектаў касцюмаў розных эпох. Пазнаёміцца з іх разнастайнасцю і даведацца падрабязнасці танцавальнага мінулага Гродзеншчыны можна будзе, пачынаючы з 16 снежня.