Вікторыя Салаўёва, Sputnik.
"Мадмуазель, вы такая прыгожая, дазвольце вас ангажаваць на вальс!" — такія прамовы можна было чуць у сенатарскай зале Новага замка ў Гродне 22 красавіка. Тут прайшла рэканструкцыя аднаго з самых прыгожых баляў, падчас якога можна было не толькі ўбачыць старадаўнія танцы, але і ацаніць пышнасць жаночых спадніц і моду тых часоў.
Спадніцы кіравалі балем
Спадніцы чым пышней, тым лепш, а сукенкі толькі да падлогі — такім стала галоўнае правіла дрэс-кода для дам. Перад прыездам кожная госця вывучыла модныя тэндэнцыі сярэдзіны XIX стагоддзя, а затым пашыла, перарабіла або ўзяла напракат сукенку, якія адпавядала ўсім трэндам. Тады паненкі стараліся перафрантаваць канкурэнтак у шырыні і пышнасці спадніц.
У гэты дзень у кожнай сучаснай прыгажуні пад доўгай сукенкай хаваўся жорсткі крыналін — канструкцыя пад спадніцай на кольцах, якая дазваляе трымаць пышную форму. Каб прыгажуні маглі прадэманстраваць свецкаму грамадству новыя ўборы, у тыя часы нават з'явілася новае паняцце — крыналінавы баль. Менавіта такі праходзіў у Новым замку Гродна.
Як распавёў арганізатар гродзенскага балю Мікіта Іваноўскі, у Беларусі гістарычныя крыналінавыя танцавальныя вечары праводзяць вельмі рэдка, таму што складана знайсці прасторную залю. Бо толькі адной даме з усімі яе спадніцамі патрабуецца ў шырыню як мінімум метра два, а часам і тры.
Свецкія львіцы пра этыкет на балі
Гэты баль можна было прыраўняць да моднага паказу прыгожых старадаўніх нарадаў. Бо сукенкі некаторых удзельніц у прамым сэнсе слова сышлі са старадаўніх партрэтаў. Напрыклад, Іна Галаванёва з Мінска спецыяльна да гродзенскага свецкага мерапрыемства пашыла копію ўбору венгерскай баранэсы Каталін Радак. Верхняя частка сукенкі — гэта дакладная рэканструкцыя.
"Па правілах, усе сукенкі трэба шыць толькі з натуральных тканін. Напрыклад, я выкарыстоўвала бавоўну, шоўк, карункі. Сярэбраную нітку для дэкору прыйшлося замяніць на сінтэтычную", — распавяла Іна, у якой у гардэробе больш за дзесятак бальных сукенак, а крыналінавая стала другой.
Дзяўчына расказала правілы этыкету старадаўніх баляў. Напрыклад, прыкметай кепскага тону ў тыя часы лічылася апранаць крыналінавую сукенку без ніжніх спадніц. У такім выпадку жорсткі каркас прасвечваецца, а нарад выглядае не так элегантна. А вось накрухмаленыя ніжнія спадніцы не толькі хавалі каркас крыналінаў, але давалі той самы загадкавы шолах падчас руху.
У тыя часы перад паходам на баль кожная прыгажуня рабіла прычоску, упрыгожваючы валасы кветкамі, карункамі або дыядэмамі. Абавязковымі былі пальчаткі, у якіх павінны былі хадзіць не толькі дамы, але і кавалеры. Чаму?
"Даме з'явіцца на баль без пальчатак — тое ж самае, што забыцца надзець сукенку. Так патрабаваў этыкет таго часу", — тлумачаць удзельніцы.
Дзяўчыны дапаўнялі вобраз упрыгожваннямі, біжутэрыяй, у руках трымалі невялікія сумачкі і вееры. Многія стараліся нават капіяваць паводзіны свецкіх ільвіц старадаўняй эпохі. Напрыклад, паважаючай сябе даме нельга было падымаць сукенку вышэй шчыкалаткі. "Так робяць толькі сучасныя нявесты", — казалі прыгажуні.
Контрданс "Масква" і іспанскі вальс
Гродзенскі крыналінавы баль стаў першым у абласным цэнтры і прайшоў з шырокім размахам. На яго прыехала амаль 40 чалавек з Гродна, Мінска, Гомеля і Кракава. Усе — удзельнікі студый гістарычнага танца. Да баля яны рыхтаваліся некалькі тыдняў.
Арганізатары загадзя склалі спіс танцавальных кампазіцый балю і выклалі ў адкрытай групе ў сацыяльнай сетцы схемы выканання, каб у гасцей вечара была магчымасць іх развучыць. У гэты вечар танцавалі вальсы, кадрылі, мазуркі, якія выконваліся на крыналінавых балях той эпохі. Усяго — 18 танцавальных кампазіцый, сярод якіх паланэз, Контрданс "Масква", цыганская полька, "Іспанскі вальс".
Цікавая дэталь, якую узялі з мінулых стагоддзяў, — спецыяльная кніжачка для ангажавання партнёраў. Такую атрымалі ўсе ўдзельнікі балю, каб загадзя запісаць, з кім яны дамовіліся танцаваць трэцюю мазурку або апошні вальс.
Па словах арганізатара, ён хоча адрадзіць бальную традыцыю ў Гродне і праводзіць падобныя балі хоць бы раз у год.