МІНСК, 12 сне — Sputnik. У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адбудзецца ўрачыстая прэзентацыя скульптурнай кампазіцыі "У пошуках мудрасцi. Размова Канфуцыя і Лао-цзы пра Дао", паведамілі Sputnik у прэс-службе музея.
"Аўтар кампазіцыі — спадар У Вэйшань, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Кітая — дабрачынна і бескарысліва перадае каштоўны для музея твор у збор Нацыянальнага мастацкага музея", — распавялі ў прэс-службе.
У сваёй творчасці У Вэйшань абапіраецца на багатую традыцыйную кітайскую культуру і імкнецца выказаць яе дух праз свае скульптуры. Ім было створана мноства значных прац, якія выстаўляліся на выставах па ўсім свеце, знаёмячы гледачоў з кітайскай культурай. Адна з калекцый, якая складаецца са скульптур значных кітайскіх гістарычных дзеячаў, была названа "Ствараючы вобраз часу" і прызнана міжнароднымі крытыкамі як калекцыя, што па-сапраўднаму адлюстроўвае дух часу.
"Многія з работ У Вэйшаня, у тым ліку "Дыялог паміж Цы Байшы і Леанарда да Вінчы" і "Канфуцый пытаецца пра Дао ў Лао-цзы", знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага музея Рыма, Музея Фіцуільяма Кембрыджскага, Нацыянальнага музея Бразіліі, Галерэі Расійскай акадэміі мастацтваў, а з гэтага часу таксама і ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі", — дадалі ў прэс-службе.
Сюжэт скульптурнай кампазіцыі быў узяты з "Жыццяпіса Лао-цзы і Хань Фэя" з кітайскага гістарычнага трактата "Шы Цзі", дзе распавядаецца, як Канфуцый прыехаў у сталіцу царства Чжоў і вырашыў сустрэцца з Лао-цзы, які на той час служыў архіварыусам, каб пагаварыць з ім пра Дао. Лао-цзы перад сустрэчай прыняў ванну і паводзіў сябе нязмушана. Тады ён і сказаў Канфуцыю, што ў мудраца рана ці позна з'явіцца зручны момант праявіць свае здольнасці, але да гэтага часу важна ўмець трымацца сціпла, не падкрэсліваючы свае таленты. Пасля Канфуцый так расказаў пра гэтую сустрэчу сваім вучням: "Я не ведаю, як дракон скрозь аблокі і вецер падымаецца ў нябёсы. Сёння я бачыў Лао-цзы. Ён падобны да дракона".
Скульптурная кампазіцыя будзе даступная аматарам усходняга мастацтва да 29 снежня.